07/12/2024
Сёняшні пост не пра Paperniki, а пра друкарню, дзе адбываецца адзін з галоўных этапаў вытворчасці нашых гаманцоў: друк! Ёсць некалькі прычын, па якіх мы вырашылі аб гэтым напісаць асобна. Па-першае, сама друкарня і яе гісторыя даволі цікавыя. Па-другое, павага да людзей, якія там працуюць. Бо, каб не яны і іх стаўленне да ідэі Papernika, то было б складаней ажыццявіць выраб нашых незвычайных гаманцоў.
Знаёмцеся, на фота адна з старэйшых на сёняшні дзень друкарань Беларусі – друкарня імя Непагодзіна ў Бабруйску. Знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай (былая Мураўёўская) і Лібкнехта (былая Сталыпінская). Гісторыя яе пачынаецца ў 1888 годзе, калі Гілер Фрыдлянд вырашыў адкрыць сваю друкарню. У сеціве няма дакладнай інфармацыя пра дату будоўлі, але бабруйскі краявед і калекцыянер паштовак Віталь Мурашкевіч падказаў, што гэта 1902 год. Дзякуй, Віталь, за даведку! З 1902 года і па сёняшні дзень тут заўсёды знаходзяцца рэдакцыя газеты і друкарня.
Спачатку тут былі друкарня Гілера Фрыдлянда і яго газета “Бабруйскі кур’ер”, якая выпускалася з 1914 па 1919. А пасля нацыяналізацыі ў жніўні 1920 года і па сёняшні дзень у будынку Фрыдлянда змяшчаюцца друкарня імя падпольшчыка Непагодзіна і газета “Камуніст” (цяпер “Бабруйскае жыццё”).
У гэтай газеце з 1925 па 1930 год працаваў Міхась Лынькоў. Менавіта гэта праца, як пазней адзначаў сам Міхаіл Ціханавіч, дапамагла яму стаць пісьменнікам. У Бабруйску Міхась Лынькоў арганізаваў філіял літаратурнай арганізацыі “Маладняк”. У гэтай друкарні убачыў свет літаратурны альманах “Уздым”. Кожны месяц з газетай выходзіў літаратурны дадатак “Вясна”. Праз бабруйскі “Маладняк” і “Вясну” дарогу ў літаратуру атрымалі такія беларускія аўтары, як Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Пімен Панчанка, Барыс Мікуліч, Алесь Зарыцкі, Хвядос Шынклер. Таму гэта сапраўднае месца сілы беларускай культуры.
Больш за 120 гадоў у будынку некалькі пакаленняў людзей займаюцца адной справай. Мясцовыя друкары бачылі Студзеньскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі, нямецкую акупацыю падчас двух сусветных войнаў, пачатак і развал Савецкага саюза, незалежную Беларусь. І працягваюць займацца сваёй справай. Крута? Крута!